5 чэрвеня – кананізацыя заснавальніка ордэна айцоў-марыянаў а. Станіслава Папчынскага З ліку апошніх апісаных цудаў распавядзем два сведчанні, якія адкрылі шлях для беатыфікацыі і кананізацыі а. Станіслава Папчынскага: уваскрасэнне мёртвага дзіцяці ва ўлонні мамы і аздараўленне жанчыны ў агоніі, якая перажывала вострую дыхальную недастатковасць і септычны шок.
Выратаваная ад смерці
(цуд, які прычыніўся да кананізацыі)
У 2008 годзе ў аддзяленне пульманалогіі паступіла дваццацігадовая пацыентка з дыягназам “пазашпітальнае запаленне лёгкіх”, якое класіфікавалі як Streptococcus pneumonia. Цяжкае развіццё хваробы за некалькі гадзін прывяло да дыхальнай недастатковасці, дэстабілізацыі сістэмы кровазвароту і іншых ускладненняў. Урачы распазналі сіндром вострай дыхальнай недастатковасці (ARDS) у цяжкай стадыі, а таксама септычны шок. З часам да гэтага далучылася поліарганічная недастатковасць.
На наступны дзень пацыентку перавялі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі, дзе яна прабыла 35 дзён. Хворая прайшла працэс інтубацыі і падключэння да рэспіратара. Урачы ўвялі жанчыну ў стан фармакалагічнай спячкі. Кансультацыі з іншымі медыцынскімі цэнтрамі, прымяненне адпаведнай і шматвектарнай тэрапіі на падставе сучасных ведаў у галіне медыцыны не далі патрэбнага выніку ‒ пасля 20 дзён лячэння наступіла далейшае пагаршэнне стану пацыенткі, ускладненае чарговым септычным шокам, аслабленнем дыхальных магчымасцей і развіццём поліарганічнай дысфункцыі. Назіраючы слабую рэакцыю на шматвектарную і разнастайную тэрапію, а таксама раптоўнае пагаршэнне клінічнага стану, лечачы ўрач прызнаў сітуацыю пацыенткі безнадзейнай і паведаміў пра гэты яе маці.
Сям’я жанчыны, усведамляючы крытычнасць сітуацыі, распачала навэнну праз заступніцтва благаслаўлёнага Станіслава Папчынскага.
Адначасова стан хворай пачаў хутка паляпшацца. Праз некалькі дзён цалкам зніклі сімптомы дыхальнай і арганічнай недастатковасці. Рэнтгеналагічнае даследаванне грудной клеткі не выявіла ніякіх слядоў перанесенага запалення лёгкіх і ARDS. У апошні дзень навэнны пацыентку абудзілі і экстубіравалі. Урачы канстатавалі поўнае і трывалае аздараўленне без слядоў хваробы. Тыя, хто маліўся, не сумняваліся, што аздараўленне было звязана з малітвай праз заступніцтва а. Станіслава Папчынскага.
У выніку расследавання гэтага выпадку і ўрачы – рымскія прафесары, і касцельныя ўлады пацвердзілі невытлумачальнасць і надзвычайнасць згаданай сітуацыі. Кансульторый лекараў у Рыме 17 верасня 2015 года прызнаў апісанае аздараўленне вельмі хуткім, поўным, трывалым і невытлумачальным з пункту гледжання сучаснай медыцыны. Кансульторый тэолагаў у Рыме 10 лістапада 2015 года прызнаў у аздараўленні пацыенткі цуд, учынены Богам праз заступніцтва благаслаўлёнага Станіслава Папчынскага. А 22 студзеня 2016 года Кангрэгацыя па справах кананізацыі абвясціла дэкрэт, напярэдадні ўзгоднены Святым Айцом Папам Францішкам, пра цуд праз заступніцтва благаслаўлёнага Станіслава Папчынскага.
Мёртвае дзіця ва ўлонні мамы – ажыло!
(цуд, які прычыніўся да беатыфікацыі)
У 2000 годзе спадарыня Н. упершыню чакала дзіця, аднак здарыўся выкідыш. У лютым наступнага года яна зноў зацяжарыла, але 22 сакавіка з’явілася пагроза выкідыша. Жанчына аказалася ў шпіталі, дзе ёй зрабілі тры ультрагукавыя даследаванні, прычым апошняе, датаванае 30 сакавіка, выразна паказала жыццяздольнасць плоду і нармальны стан плоднага яйка. У той ж дзень яе выпісалі са шпіталя.
Аднак 1 красавіка з-за болю ў вобласці жывата жанчына зноў звярнулася да ўрачоў. Ультрагукавыя даследаванні паказалі, што сэрца плоду не б’ецца, і быў пастаўлены дыягназ “унутраны выкідыш”. Да таго ж аказалася, што плоднае яйка паменшылася ў параўнанні з памерамі, якія былі ў папярэднія дні. Урач загадаў жанчыне скончыць прыём лекаў для падтрымання цяжарнасці, каб наступіў самастойны выкідыш. Чарговае даследаванне, зробленае на наступны дзень, пацвердзіла дыягназ. У выпадку, калі за некалькі дзён не адбудзецца самастойны выкідыш, урач планаў правесці аперацыю выдалення мёртвага плода.
Некалькі членаў сям’і спадарыні Н. і іншыя людзі, якія спачувалі будучай маці, перад абліччам пагрозы для яе дзіцяці маліліся аб ласцы шчаслівай цяжарнасці. Ад 28 сакавіка яны пачалі заклікаць Божую дапамогу праз заступніцтва Слугі Божага Станіслава ад Езуса і Марыі Папчынскага.
4 красавіка наступнае ультрагукавое даследаванне нечакана паказала, што сэрца плоду зноў б’ецца. На здзіўленне ўсім, урач сцвердзіў, што плод жыве! Гэта выдавалася немагчымым, калі ўзяць пад увагу ранейшы, двойчы пацверджаны дыягназ аб смерці дзіцяці. Паўторнае даследаванне, праведзенае на іншым апараце, адназначна паказала – дзіця жывое! Відавочнасць фактаў не пакідала месца для сумнення: гэтае здарэнне адбылося па-за дзеяннем сіл прыроды і адпавядала часу навэнны праз заступніцтва а. Станіслава Папчынскага. 17 кастрычніка нарадзілася жывое і здаровае дзіцятка.
Паводле “Z Niepokalaną”, Lato 2 (86) 2016



