Чытаннi дня

Субота — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
                                                                                      Дз 6, 1–7
Выбралі сем мужоў, поўных Духа Святога

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні. Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах. Таму, браты, выбярыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтае служэнне. А мы ўвесь час будзем трываць у малітве і служэнні слова. Спадабалася гэтая мова ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, і Філіпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая празеліта з Антыёхіі, якіх паставілі перад апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў прыняло веру.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

                                                                  Пс 33 (32), 1–2. 4–5. 18–19 (Р.: 22)
Рэфрэн: Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі.
Або: Аллелюя.

1. Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным належыць хваліць Яго.
2. Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.

Рэфрэн:

4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.

Рэфрэн:

18 Вока Пана над тымі, хто Яго баіцца *
і хто спадзяецца на Яго літасць,
19. каб Ён душу іх уратаваў ад смерці *
і накарміў іх у час голаду.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Уваскрос Хрыстус, які ўсё стварыў
і злітаваўся над чалавецтвам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ
                                                                                   Ян 6, 16–21
Убачылі Езуса, які ішоў па моры

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі настаў вечар, вучні Езуса сышлі да мора, селі ў човен і паплылі на другі бераг мора ў Кафарнаум. Ужо цямнела, а Езус не прыходзіў да іх. Дзьмуў моцны вецер, і мора хвалявалася. Калі праплылі каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, убачылі Езуса, які ішоў па моры і набліжаўся да чаўна, і спалохаліся. Ён жа сказаў ім: Гэта Я, не бойцеся. Хацелі ўзяць Яго ў човен, але човен адразу прыстаў да берага, куды яны плылі.

Гэта слова Пана.

 

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.
Тэксты лекцыянарыя ўзяты з сайта catholic.by
Чытаннi дня